БРАМА МАР збірае маладых і крэатыўных
Прэс-рэліз
Конкурс літаратурнай творчасці студэнтаў “Брама мар” пачаўся!
Творчая лабараторыя “Крытык” (журфак БДУ) зноў гасцінна адчыняе электронную скрыню для прац маладых літаратараў – студэнтаў з усіх куткоў беларускіх ВНУ.
Конкурс пройдзе ў два туры. Падчас першага студэнты дасылаюць прозу, паэзію, драматургію, крытыку і творы для дзяцей (у любых жанрах), наведваюць творчыя вечарыны майстроў слова, а журы ў складзе вядомых літаратараў вызначае фіналістаў у кожнай намінацыі.
Падчас другога туру фіналісты атрымаюць літаратурныя заданні і бліжэй пазнаёмяцца адно з адным ды з арганізатарамі конкурсу. Будзем піць гарбату, смяяцца, спрачацца, вучыцца... Бо ў госці да “Брамы мар” ізноў завітаюць з майстар-класамі самыя вяршкі беларускай інтэлігенцыі.
Нарэшце, фінальная імпрэза “Літаратурныя каляды на журфаку” замацуе сяброўства, павесяліць ад душы, дасць канкурсантам магчымасць пагутарыць з адукатарамі ў нефармальных умовах, а таксама даведацца, хто ўсе ж такі перамог.
Мы чакаем:
* Паэзію
* Прозу
* Драматургію
* Крытыку
* Творы для дзяцей
* Сцэнар
Першы год жыцця
“Брама мар” з’явілася на журфаку ў недалекім 2010-2011 навучальным годзе. Спаборніцтва задумвалася студэнтамі для студэнтаў. Мы лічым, што першы сезон прайшоў даволі прадуктыўна, бо ўдзельнікамі конкурсу сталі каля 160 студэнтаў з 14 беларускіх ВНУ. А ў якасці адукатараў і журы выступілі Л. Рублеўская, Г. Багданава (проза), А. Кавалеўскі, В. Трэнас (паэзія), П. Васючэнка, Я. Конеў (драматургія), І. Шаўлякова, М. Аляшкевіч (крытыка), Ю. Цімафеева, К. Маціеўская (пераклад).
Арганізатары:
Творчая лабараторыя “Крытык”
Кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ
Інстытут журналістыкі БДУ
Навошта нам гэта?
Мэтаў, як і павінна быць, у конкурса “Брама мар” вельмі шмат. Гэта амбіцыйны праект з вялікімі і нават грандыезнамі планамі – адкрываць таленты, якія стануць будучыняй нашай літаратуры.
Хто мы, улюбёныя ў літаратуру
* Аляксей Аляксандраў – кіраўнік праекта “Брама мар–2010’11”, арганізатар конкурсных майстар-класаў. Студэнт 5 курса факультэта журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ.
* Надзея Валькоўская – аўтар праекта, рэдактар студэнцкай газеты “Перья: журфак литературный” (з 2010 г.). Студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі.
* Алена Шандрак – аўтар праекта, адказны сакратар студэнцкай газеты “Перья: журфак литературный”, удзельнік каманды па прэзентацыі газеты “Перья” на выставе “СМІ Беларусі” (2009, 2010, 2011 гг.). Студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі.
* Марына Елістратава – аўтар праекта, адміністратар сеціўных суполак конкурса. Студэнтка 2 курса факультэта журналістыкі.
* Любоў Кудзелка – каардынатар працы са СМІ. Працавала з рознымі творчымі праектамі, сярод якіх Еўрабачанне, Тыдзень моды, LPM. Студэнтка 3 курса факультэта журналістыкі.
* Маргарыта Аляшкевіч – аўтар праекта, аспірант БДУ. Ініцыятар выпуску студэнцкай газеты “Перья: журфак литературный”, рэдактар (2004-2008 гг.). Арганізатар праектаў “Літаратурныя Каляды на журфаку”, “JamSlam”, “Яблычны слэм”, “Слэм на Даху”, English Language Poetry Slam (ELPS’2010).
* Уладзімір Капцаў – куратар праекта, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ
* Аксана Бязлепкіна - блог-падтрымка праекта, інфармацыйны куратар, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі.
Задачы конкурса
- Стварыць магчымасці творчай самарэалізацыі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў краіны;
- Спрыяць фарміраванню творчага асяроддзя ў БДУ і іншых беларускіх ВНУ;
- Узбагаціць культурнае жыццё студэнцкага асяроддзя, забяспечыць плённую арганізацыю вольнага часу;
- Гарманізаваць асобу праз мастацкую камунікацыю;
- Усталяваць міжуніверсітэцкія творчыя кантакты;
- Далучыць студэнтаў да найноўшых тэхнік стварэння і прэзентацыі мастацкага тэксту падчас майстар-класаў, творчых вечарын;
- Уводзіць маладых творцаў у камунікацыйную прастору сучаснага літаратурнага працэсу праз арганізацыю супрацоўніцтва студэнтаў з літаратурна-мастацкімі выданнямі;
- Выпрацаваць эстэтычны густ і навыкі крытычнага ўспрымання мастацкіх тэкстаў (у тым ліку ўласных).
Любоў Кудзелка, каардынатар працы са СМІ +375-29-541-11-26 альбо +375-29-306-91-72.
|